2002 Хільчук, М. Віват, маэстра Чэрнік!

Хільчук, М. Віват, маэстра Чэрнік! / Марыя Хільчук // Кобрынскі веснік. – 2002. – 31 жніўня. – С. 3 : фат.

Сямідзесяцігоддзе Ігара Чэрніка прыгожа і цёпла адзначылі родныя, шматлікія сябры і калегі па рабоце, проста паклоннікі яго творчасці.

Віват, маэстра Чэрнік!

У доме фельчара Гарадзецкай акругі Паўла Чэрніка і яго жонкі – настаўніцы Ніны Макараўны часта гучалі песні. Добры голас меў і любіў спяваць гаспадар, гаспадыня ўдзельнічала ў царкоўным хоры. Па нядзельных днях у іх гасцінны дом збіраліся родныя, такія ж аматары спеваў, каб выканаць любімыя творы, адпачыць душой і целам. Таму нічога не было дзіўнага ў тым, што сын з сямі гадоў іграў у аркестры народных інструментаў, а потым самастойна арганізоўваў школьны аркестр…

Так пачынаў шлях у культуру, у таямніцы і веліч музыкі і песні таленавіты музыкант, аўтар слоў і музыкі, умелы арганізатар і проста выдатны чалавек Ігар Чэрнік, сямідзесяцігоддзе якога ў мінулую нядзелю прыгожа і цёпла адзначылі родныя, шматлікія сябры і калегі па рабоце, проста паклоннікі яго творчасці.

У гарадскім Доме культуры, дзе праходзіла ўшаноўванне юбіляра, сабралася шмат людзей, і не толькі кабрынчукоў. Тут былі госці з Брэста, Брэсцкага раёна, Камянца, іншых месцаў, дзе працаваў і пакінуў свой добры след Ігар Паўлавіч, і нават са сталіцы. 3 глыбокім задавальненнем слухалі прысутныя расказ вядучай вечарыны пра творчы і жыццёвы шлях юбіляра, першым рабочым месцам якога стаў Антопальскі дзіцячы Дом, дзе ён арганізаваў дзіцячы хор, які тройчы быў лаўрэатам рэспубліканскага агляду самадзейнасці. А потым быў Кобрын, дзе Ігар Чэрнік спачатку стварыў харавы калектыў настаўнікаў, а затым хор пры РДК, у якім працаваў дырэктарам. Праз кароткі час калектыў атрымлівае ганаровае званне «народны». Потым была работа ў Камянецкім раёне, дзе таксама неўзабаве паяўляецца хор настаўнікаў горада Камянца. А яшчэ былі хор «Колас», дзіцячы калектыў «Зярнятка» на радзіме, у Гарадцы, хор «Чарнічанка» Чэрненскага СДК на Брэстчыне, вядомыя на ўсю рэспубліку «Галасы Палесся», кіраўніцтва абласным метадычным цэнтрам. Усе пяць харавых калектываў, створаных ім, носяць званне «народных»…

Слухаў, слухаў Ігар Паўлавіч расказ пра свае былыя і цяперашнія справы (ён і цяпер кіруе трыма харамі) і раптам павярнуў усё, як потым сказаў яго даўні сябра, на 180 градусаў. I сам павёў размову ў рэчышчы дэвіза, што ўпрыгожваў сцэну ГДК. У ім было ўсяго тры словы: «Дзякуй вам, людзі!».

Ён прысвяціў сваё выступленне людзям, дзякуючы якім стаў такім, які ёсць. Найперш аддаў даніну павагі бацькам, якія далі яму не толькі жыццё і перадалі свае музычныя здольнасці, але з маленства вучылі любві да роднага краю, да працы, удзячнасці за добрыя справы і словы.

Большую частку свайго жыцця Ігар Паўлавіч прайшоў разам з любімым чалавекам, верным сябрам і дарадчыкам Валянцінай Дзмітрыеўнай. I не баючыся паказацца сентыментальным, прылюдна прызнаўся ёй у каханні, удзячнасці.

Не забыў Чэрнік сваіх настаўнікаў па вучобе і жыцці, добрым словам успомніў вядомага беларускага кампазітара Генадзя Цітовіча, з «благаславення» якога пачаў пісаць словы сваіх будучых песень.

Верны тэме свайго жыццёвага дэвіза, ён запрашаў на сцэну тых, з кім некалі спяваў, іграў, пачынаў работу па стварэнню калектываў. Як правіла, такіх жа няўрымслівых, закаханых у музыку, песню людзей. I тут жа, без усялякай падрыхтоўкі, са сцэны лілася цудоўная песня, якую падхоплівала зала… А яшчэ ён іграў: для свайго «Коласа», які выконваў творы кампазітара і паэта (не баюся сказаць гэтага слова) Ігара Чэрніка, іншым калектывам і выканаўцам. Адным словам, як адзначылі ўдзельнікі свята, ператварыў свой юбілей у майстар-клас.

Думаю, не варта пералічваць, хто і якія граматы і падарункі ўручаў юбіляру, што жадаў і наказваў: іх, як і кветак, было мноства.

Інакш і не магло быць, бо гэта быў юбілей чалавека такога ўзроўню, якіх называюць маэстра.

Віват, маэстра Чэрнік!

Марыя ХІЛЬЧУК.

НА ЗДЫМКУ: некалькі момантаў з юбілейнай вечарыны.

Фота Анатолія ШУГАЯ.