Біяграфічны нарыс

Алена Фамінічна Раманюк (у дзявоцтве Канавальчук) нарадзілася 26 лютага 1946 года ў в. Мацы Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Вёска Мацы знамянальная тым, што дала свету шмат цікавых, адораных, таленавітых людзей, якія дасягнулі значных вышынь у розных галінах дзейнасці, сваёй працай, талентам праславілі родны край, сваю малую радзіму. А. Ф. Раманюк не стала выключэннем.
У 1947 годзе сям’я Канавальчук пераехала ў в. Залессе Кобрынскага раёна, што за 5 км. Маці працавала даяркай, таму дзяўчынка з самага ранняга дзяцінства дапамагала на ферме даіць кароў. Ужо ў малым узросце яна атрымоўвала задавальненне ад працы, адчуванне сваёй запатрабаванасці, магчымасці дапамагчы бацькам.
У 1952 годзе Алена пайшла вучыцца ў Залескую сярэднюю школу. Гэта былі гады шчаслівага дзяцінства, клас быў вялікі і вельмі дружны. Закончыла школу ў 1963 годзе, але не пакінула родныя мясціны.
У лістападзе 1964 года выйшла замуж у суседнюю вёску Сялец. З сялецкай фермы і пачалася самастойная праца ў жывёлагадоўлі. Справа была не новай, працавала добрасумленна, з поўнай аддачай.
Неўзабаве маладая сям’я вырашыла будаваць свой дом і ў 1973 годзе пераехала ў в. Залессе. На ферму ў калгас імя А. В. Суворава Алена Раманюк прыйшла ў 1973 годзе. Працавала загадчыцай фермы, лабаранткай, даяркай, з 2001 года зноў загадчыцай фермы. Да сваёй працы адносілася з душой. Кароў любіла і вельмі перажывала, калі якая-небудзь з іх хварэла. Паказчыкі па надоям павышаліся з кожным месяцам і дасягалі 4.800 кг ад кожнай каровы групы Алены Раманюк.
Стараннасць, добрасумленнасць не засталіся незаўважанымі. Самаадданая праца нашай землячкі ацэнена па заслугах. У 1977 годзе А. Ф. Раманюк адзначана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, у 1984 годзе – ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі. Высокія ўзнагароды стымулявалі працаваць яшчэ лепш, каб апраўдаць надзеі кіраўніцтва гаспадаркі, дзяржавы. Майстар жывёлагадоўлі А. Ф. Раманюк у 1986 годзе ўдастойваецца ганаровага звання «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларускай ССР». Акрамя таго, у яе скарбонцы ўзнагарод сем значкоў пераможцы сацыялістычнага спаборніцтва, чатыры медалі ВДНГ СССР, значкі ўдарніка камуністычнай працы і пяцігодкі. За кожнай узнагародай стаяла вялікая самаадданая праца.
Алена Фамінічна была простым і адкрытым чалавекам, падказвала, вучыла, зараджала іншых набытым вопытам. З ёй раіліся, ёй давярала кіраўніцтва, яна вылучалася дэлегатам на сходы, дэпутатам у сельскі і раённы Саветы дэпутатаў працоўных. На сходах А. Ф. Раманюк адзначала: «Трэба гадаваць годную змену, выхоўваць зацікаўленасць да працы, каб яны перажывалі за пачатую справу, толькі так мы будзем ісці наперад. Мы ж, старэйшае пакаленне, павінны дзяліцца сваім жыццёвым вопытам, мудрасцю і матываваць на поспех!». Алена Фамінічна вельмі любіла чытаць, многа выпісвала перыёдыкі, і калі матэрыял яе «зачапляў», яна заўжды дзялілася сваімі ўражаннямі.
Вялікую любоў і павагу да працы яна выхавала ў сваіх дзецях. З маленства яны заўжды былі з ёю разам: і на калгаснай працы, і на ўласным падворку.
Калі А. Ф. Раманюк афіцыйна пайшла на пенсію, працу ў калгасе працягвала. Без гэтага жанчына ўжо не прадстаўляла свайго жыцця і пакуль былі сілы і жаданне, працавала, дзялілася сваім вялізным вопытам з маладым пакаленнем. Займалася справай старанна, як і раней, але сэрца балела ад таго, што змяншалася колькасць жывёлы на фермах, гублялася колькасць і якасць кармоў, мяняліся адносіны да працы ў маладога пакалення, якое аддавала перавагу лёгкаму жыццю.
Алена Фамінічна Раманюк памерла 29 чэрвеня 2023 года, пахавана на старых могілках в. Залессе. Наша зямлячка ўсё жыццё добрасумленна працавала ў калгасе і была ўпэўнена, што «чалавечае існаванне заўсёды павінна быць напоўнена сэнсам». Алена Фамінічна знайшла яго ў працы, якой аддала большую частку свайго жыцця. Пражыла дастойнае жыццё, напоўненае вялікім сэнсам, праславіўшы працай малую радзіму. Яна – прыклад для працоўнага выхавання сучаснай моладзі.