Хільчук, М. Малы залатнік, ды дарагі / М. Хільчук // Кобрынскі веснік. – 2001. – 20 студзеня (№ 7). – С. 2.
Аб Градзецкім народным хоры «Колас», кіраўніком якога з’яўляецца І. П. Чэрнік.
Малы залатнік, ды дарагі
Ёсць народны выраз, якім вызначаецца стан найвялікшага ўзбуджэння ад убачанага ці пачутага — «мурашкі па целе пабеглі». Гэтыя «мурашкі беглі» у многіх з тых, хто на мінулым тыдні слухаў песні ў выкананні ўдзельнікаў народнага хору «Колас». Адбылося гэта не на афіцыйным канцэрце ў прасторнай зале, а ў сярэдніх памераў пакоі, «засяленне» якога стала падставай для не зусім звычайнага канцэрта.
Каб чытачам стала больш зразумелай неардынарнасць гэтай падзеі, вернемся ў васьмідзесятыя гады мінулага стагоддзя. Тады, у 1983 годзе, у Гарад- цы быў створаны хор калгаса-камбіната імя Дзяржынскага, кіраўніком якога стаў таленавіты музыкант, выдатны арганізатар і творчы чалавек I. П. Чэрнік.
Прайшло не шмат часу, і аб «Коласе» загаварылі як аб адным з лепшых самадзейных калектываў Кобрыншчыны. Неўзабаве ён атрымаў званне народнага, выступаў на сцэнах многіх вёсак, гарадоў Брэстчыны, заваяваў сваім майстэрствам прызнанне жыхароў Балгарыі. А потым перайшоу на працу ў іншае месца кіраўнік. I голас «Коласа» стаў слабець і заціхаць…
Некалькі гадоў назад заслужаны работнік культуры I. П. Чэрнік вярнуўся ў родную вёску. Узяўся за адраджэнне хору, яго славы.
Гэта было няпроста, бо частка здольных спевакоў і спявачак пакінула яго, адсутнасць рэгулярных рэпетыцый адбілася на майстэрстве выканання. Але застаўся «касцяк», які склаўся з людзей, што не толькі маюць добры голас, але па-сапраўднаму любяць песню.
Гэта людзі самых розных прафесій. Т. С. Лакішык працуе даяркай, жыве ў вёсцы Ліпава. Яе, як і настаўніцу М. М. Ілюкевіч, што жыве і працуе ў в. Грушава, на рэпетыцыі, канцэрты прывозіць муж. Былы медык, а цяпер пенсіянерка Л. Р. Ячнік спявае разам з мужам Васілём Іванавічам. М. К. Лысачуковай давялося самой гадаваць чатырох дзяцей, але шматлікія праблемы і клопаты не зменшылі яе любві да песні. Шчыра аддадзены ёй тэхработнікі М. М. Аляксеева і Н. П. Цішэўская. Настаўніца Гарадзецкай СШ Л. М. Цішчанка — бабуля сямі ўнукаў, пенсіянерка А. С. Нясцюк спявае ў царкоўным хоры, але абедзве жанчыны, як і настаўніца Гарадзецкай СШ Г. П. Чыжэўская, знаходзяць час для спеваў у «Коласе». Дарэчы, дачка Г. П. Чыжэўскай, Каця, пераняла ад маці добры дар і спявае ў дзіцячым хоры «Зяр- нятка». Самая маладая па «стажу» ў хоры — работніца жывёлагадоўчага комплексу A. I. Астапук.
Да выхаду ў водпуск па дагляду за дзіцём спявала разам з мужам Л. А. Данілевіч. Аляксандр Іванавіч хор не пакінуў, можна сказаць, спявае за дваіх.
Мужчынскі састаў спевакоў дапаўняе М. У. Тунчык. Усяго 13 чалавек, плюс акампаніятар хору — В. Р. Дзмітрэнка. А было ў «Коласе» да 50 удзельнікаў. I як тут не ўспомніць прымаўку: «Малы залатнік, ды дарагі».
Сёння ў рэпертуары «Коласа» — звыш 50 твораў, частка з якіх напісана I. П. Чэрнікам. Развучвалі, шліфавалі калі ў клубе, а найчасцей — у доме Ігара Паўлавіча. I спевакам вельмі хацелася, каб быў у іх свой куточак, дзе б яны маглі, не перашкаджаючы нікому, развучваць новыя творы, удасканальваць майстэрства выканання, захоўваць касцюмы, інструменты, проста пасядзець пасля рэпетыцый, пагаварыць аб радасным І набалелым, бо песня не толькі звяла іх разам, але і парадніла духоўна.
З дапамогай раённага выканаўчага камітэта летась такое памяшканне было выдзелена ў адным з будынкаў Гарадзецкай СШ. Спевакі і спявачкі разам з кіраўніком узяліся за прывядзенне яго ў належны стан. Раённы аддзел культуры дапамог з мэбляй.
I вось наваселле. Раздзяліць радасць яго прыехалі і прыйшлі намеснік старшыні райвыканкома В. В. Дзмітраніца, начальнік раённага аддзела культуры С. I. Рагачук, старшыня калгаса-камбіната імя Дзяржынскага В. М. Гароднікаў, старшыня Гарадзецкага сельскага Савета дэпутатаў М. I. Зданевіч, кіраўнікі мясцовых устаноў, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. Са- мадзейных артыстаў віншавалі з адраджэннем і наваселлем, жадалі далейшых творчых поспехаў, абяцалі падтрымку і дапамогу ў іх дзейнасці. Хочацца спадзявацца, што так і будзе, бо культура, ў тым ліку і песенная, — гэта не толькі наш духоўны здабытак, але і сродак выхавання павагі і любві да сваёй зямлі, што так важна цяпер, калі на нашу моладзь літаральна абрушваюцца лавіны сурагату так званай «культуры» рознага паходжання.
М. Хільчук.