2007 Русак, Н. «Няздольных людзей не бывае»…

Русак, Н. «Няздольных людзей не бывае»… / Наталля Русак // Культура. – 2007. – 26 мая. – 1 июня (№ 21).

Карэспандэнт газеты сустрэлася з удзельнікамі народнага хору «Колас» пад кіраўніцтвам заслужанага работніка культуры Беларусі Ігара Чэрніка.

«Няздольных людзей не бывае»

У дзень свайго прыезду на Кобрыншчыну мне пашчасціла правесці вечар разам з удзельнікамі народнага хору “Колас” пад кіраўніцтвам заслужанага работніка культуры Беларусі Ігара Чэрніка з Гарадзецкага сельскага дома культуры. Чаму пашчасціла? Адна справа — слухаць такі калектыў, седзячы ў зале, і зусім іншая — знаходзіцца ў кампаніі выканаўцаў. Я сказала б, што гэта хор савецкага тыпу — у добрым разуменні гэтага слова. Хор выконвае песні дастаткова розныя, шмат з іх — на словы і музыку самога Ігара Чэрніка: песні пра жыццё, стасункі паміж людзьмі, адносіны да сваіх родных. Творы гэтыя могуць падацца крыху наіўнымі. Але трэба бачыць, з якім імпэтам спяваюць іх удзельнікі хору. І значыць, гэта тое, што кранае душу. Хор жа ўвогуле, як расказваюць харысты, — не проста мастацкі калектыў, усе яны яшчэ і сябры па жыцці. Рэпетыцыі свайго калектыву Ігар Паўлавіч часцей праводзіць не ў ДК, а ва ўласным доме. У свой час Ігар Паўлавіч быў дырэктарам Кобрынскага раённага дома культуры, абласнога Дома народнай творчасці. І хоць ён даўно ўжо на пенсіі, а працягвае займацца любімай справай.

Пэўна, галоўная адметнасць Ігара Паўлавіча як спецыяліста-харавіка ў тым, што ён умее вельмі добра ставіць галасы выканаўцам, развіваць іх здольнасці.

— Няздольных людзей, — упэўнены ён, — увогуле не бывае. Бывала, што чалавек, які напачатку мог праспяваць не больш за тры ноты, потым выходзіў у салісты. Для мяне вызначальным з’яўляецца тое, ці любіць чалавек спяваць, ці хацеў бы ён удзельнічаць у хоры. Калі гэта так, дык астатняе — ужо мая справа.

— Але як навучыць таго, у каго няма голасу ці музычнага слыху?

— Калі вучыць музыцы з ранняга дзяцінства, здольнасці разаўюцца. Тое ж і з дарослымі. Проста з такім чалавекам трэба займацца не два разы на тыдзень, а 4-5.

 За сваё жыццё Ігар Чэрнік стварыў пяць хораў — апроч “Коласа”, яшчэ хор хлопчыкаў у Анопалі, хор настаўнікаў у Камянцы, хор “Чарнічанка” ў Брэсцкім раёне і харавы калектыў “Галасы Палесся” ў самім Брэсце.