2012 Мельнік, Р. «Гарадчанка» спявае з душой

Мельнік, Р. «Гарадчанка» спявае з душой / Раман Мельнік // Кобрынскі веснік. — 2012. – 14 красавіка. – С. 4.

Споўніўся год з часу нараджэння ансамбля «Гарадчанка» ААТ «Гарадзец-агра», якім кіруе заслужаны работнік культуры Беларусі Ігар Чэрнік.

“Гарадчанка” спявае з душой

Споўніўся год з часу нараджэння ансамбля “Гарадчанка” ААТ “Гарадзец-агра”, якім кіруе заслужаны работнік культуры Беларусі, лаўрэат трох Усесаюзных фестываляў песні і музыкі Ігар Чэрнік. Дзякуючы ініцыятыве Ігара Паўлавіча ў гэты калектыў уліліся артысты былога хору “Колас” пры Гарадзецкім СДК. Нягледзячы на свой малады ўзрост новы ансамбль паспеў добра сябе зарэкамендаваць не толькі ў в. Гарадзец, але і на сцэнах Кобрына, Антопаля, Жабінкі, Драгічына і Брэста.

Шаснаццаць таленавітых спевакоў падрыхтавалі разнапланавы рэпертуар беларускіх, рускіх і ўкраінскіх песень на тэмы кахання, адданасці сваёй Радзіме, аўтэнтычныя кампазіцыі. Таксама выконваюцца і мілагучныя творы з аўтарскага музычнага зборніка Ігара Чэрніка, якія сталі ўжо сапраўднымі хітамі кобрынскай эстрады.

Вядома, у любым калектыве ёсць “залатыя галасы”, якія ствараюць непаўторны каларыт і імідж. У “Гарадчанцы” гэта вопытнейшы спявак ветэран працы Мікалай Мішчук, Любоў Ячнік, Таццяна Войтка, Марыя Лысачукова, Ніна Цішэўская, Антаніна Астапук. Заўсёды яскрава прэзентуе ўсю канцэртную праграму вядучая Галіна Чыжэўская.

Як сцвярджае Ігар Чэрнік, напэўна, было б не пад сілу яму аднаму стварыць гэты цудоўны творчы гурт, без верных сяброў, якія заўсёды побач, імкнуцца падтрымаць і словам, і справай. Заўседы побач з калектывам дырэктар ААТ “Гарадзец-агра” Іван Цецярук, які аказвае ўсебаковую дапамогу, у тым ліку і транспартам. Гэты кіраўнік высока цэніць працу артыстаў і заўсёды запрашае іх упрыгожыць сваімі выступленнямі мясцовыя святы. Нядаўна ён арганізаваў паездку ансамбля на канцэрт Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча ў Кобрынскі Палац культуры.

Заслужены работнік культуры лічыць, што галоўнае ў творчасці — быць шчырым, адданым сваей справе, каб заўсёды чалавечая душа працавала.

Раман Мельнік.