Чэрнік, І. П. Успаміны ў юбілейны год / [І.П.Чэрнік ; гутарыла] Ірына Лесік // Кобрынскі веснік. — 2015. — 10студзеня. — С. 12.
І. П. Чэрнік, стваральнік народнага хору «Палескія перазвоны» пры РДК, — аб гісторыі 50-гадовага калектыву.
Успаміны ў юбілейны год
Мінулы 2014 стаў юбілейным для народнага |хору «Палескія перазвоны» — яму споўнілася 50 гадоў.
Да нас у рэдакцыю з гэтай нагоды завітаў заслужаны работнік культуры Беларускай ССР Ігар Чэрнік — пачынальнік гісторыі знакамітага творчага калектыву. Вось што расказаў Ігар Паўлавіч:
— Гэта было ў 1964 годзе. Чатыры гады я кіраваў кобрынскім хорам на грамадскіх пачатках, працаваў у сярэдняй школе № 1 горада Кобрына. Так атрымалася, што там тры гады спяваюць — і ўсё, а мне хацелася стварыць сапраўдны хор. Вырашыў людзей збіраць. Упачатку нават месца для рэпетыцый не было. Сцэнічныя касцюмы пачалі шыць, калі я стаў дырэк- тарам Дома культуры. Першыя касцюмы стварылі ў Мінску — прыгожыя, бела-блакітныя.
Спявалі мы розныя песні — народныя, акадэмічныя, аўтарскія. У калектыў праз нейкі час прыйшоў Мікалай Мішчук, пачаў мне дапамагаць. Вось ужо 48 гадоў разам мы спяваем і сябруем.
Ужо тады хор быў адным з лепшых у раёне. Нам прысвоілі званне народнага. Шмат дзе выступалі — у Прыбалтыцы, Малдавіі, Украіне. Наш народны калектыў раённага Дома культуры налічваў 58 чалавек. Сярод іх былі ўрачы, настаўнікі, рабочыя, нават пракурор спяваў. Дзве нашы дзяўчыны-ўдзельніцы былі сувязісткамі, жылі ў вайсковай часці. Дзеля рэпетыцый яны пераадольвалі 10 кіламетраў пешшу.
Так склалася, што праз некаторы час я пераехаў у Брэст, і кіраваць хорам пачаў другі чалавек. |
Справа, якую распачаў Ігар Паўлавіч, мае свой працяг і па сённяшні дзень. “Палескія перазвоны”, ужо пад кіраўніцтвам Зоі Ястрэмскай, нязменна дораць людзям свае шчырыя і сардэчныя песні.
Ірына Лесік