Шаўчук Ганна Рыгораўна

Біяграфічны нарыс

ШАЎЧУК Ганна Рыгораўна — . заслужаны работнік аховы здароўя Беларускай ССР.

Нарадзілася ў 1933 годзе ў вёсцы Нятрэба Кобрынскага павета (цяпер Нятрэба Кобрынскага раёна).

Закончыла Брэсцкую фельчарска-акушэрскую школу.

Працавала фельчарам, выконваючым абавязкі галоўнага ўрача Дзмітравіцкай участковай бальніцы Камянецкага раёна; акушэркай, фельчарам, выконваючым абавязкі галоўнага ўрача Гарадзецкай урачэбнай амбулаторыі.

Хоць і пачынала Ганна Шаўчук самастойную працу ў Камянецкім раёне, як чалавек і спецыяліст яна праявілася ў Кобрынскім, у в. Гарадзец. Тут прымяняла і ўдасканальвала веды, набытыя ў фельчарска-акушэрскай школе. Спачатку ў бальніцы на 15 ложкаў. А калі замест яе ў Гарадцы стварылі ўрачэбны ўчастак, выконвала абавязкі галоўнага ўрача. Кіравала работай калектыву, калі ў вёсцы зноў адкрылі бальніцу, была ў ёй фельчарам, а ў 1990 годзе перайшла на пункт «хуткай дапамогі». I ўсюды — наружаная праца. I не толькі днём: вясковага медработніка могуць падняць і ноччу.

Яна дапамагала не толькі як спецыяліст. Ганна Шаўчук дзеля выратавання жыцця хворых людзей і кроў сваю аддавала — была донарам. А яшчэ выбіралася дэпутатам раённага і сельскага Савета дэпутатаў, узначальвала савет жанчын в. Гарадзец.

Медыцыне Ганна Рыгораўна прысвяціла 42 гады. У 1982 годзе ёй прысвоена званне «Заслужаны работнік аховы здароўя Беларускай ССР».

Не закончылася доктарства і па выхадзе яе на пенсію. Аднавяскоўцы па-ранейшаму шукалі дапамогі ў свайго колішняга доктара, і жанчына не адмаўляла. Хоць і хапае цяпер у Гарадцы медыцынскіх работнікаў, не-не ды і параіцца хтосьці з вяскоўцаў са старэйшай з іх. Напэўна, прафесійны поспех Ганны Рыгораўны, які ўвасобіўся ў шматлікіх граматах раённага, абласнога, рэспубліканскага ўзроўняў і званні заслужанага работніка аховы здароўя, абумоўлены той чуласцю, з якой яна ставіцца да людзей.