Місюк Надзея Іосіфаўна

Біяграфічны нарыс

Надзея Іосіфаўна Місюкнарадзілася 17 лістапада 1924 года ў вёсцы Магдалін Кобрынскага павета Палескага ваяводства (цяпер Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Вучылася ў Барысаўскай пачатковай школе (1931–1935), скончыла 4 класы. З 1936 года да 1938 года працягвала вучобу ў Кобрынскай польскай школе, скончыла 7 класаў.

Юнацтва дзяўчыны апаліла Вялікая Айчынная вайна. Як сапраўдная патрыётка сваёй Радзімы, каб абараняць яе ад фашысцкіх захопнікаў, Надзея разам са старэйшым братам Сцяпанам і яго сям’ёй пайшла ў партызанскі атрад. З восені 1943 года і да вызвалення ў 1944 годзе даглядала хворых і параненых, гатавала сціплую ежу, мыла бялізну. Разам з іншымі партызанамі атрада імя А. В. Суворава Пінскага злучэння зведала і баі з акупантамі, і пераправы цераз палескія балоты і рэкі, зімоўку ў зямлянках і іншыя шматлікія цяжкасці жыцця ў лясах.

У партызанах сустрэла сваю палавінку – партызанскага разведчыка Мікалая Карпавіча Місюка. Ажаніліся ўжо пасля Перамогі, калі ён вярнуўся з фронту з ранамі, атрыманымі пад Кёнігсбергам. Пабудавалі ў Брылёва свой дом, выгадавалі дзвюх дачок. У пасляваенныя гады Надзея Місюк энергічна ўключылася ў аднаўленне народнай гаспадаркі, пачала актыўную працоўную дзейнасць. З 1944 года па 1951 год працавала сакратаром Кіселявецкага сельсавета. Дабілася адкрыцця ў Брылёва пачатковай школы.

Болей за 30 гадоў (1951–1980) Надзея Іосіфаўна аддала калгасу «Новы шлях» Кобрынскага раёна: з 1951 года – звеннявая, з 1957 года – брыгадзір паляводчай брыгады калгаса. Пасаду брыгадзіра атрымала ад мужа, калі ў яго абвастрыліся франтавыя раны. Брыгадзірская пасада ў калгасе самая турботная, бо бліжэй да людзей, простых работнікаў, з кожным трэба знайсці агульную мову. Людзі працавалі старанна, а тыды амаль ўсё рабілася ўручную. Бульбы і цукровых буракоў садзілі па 30 гектараў.

Ужо ў 1957 годзе зрабіла немагчымае: брыгада атрымала рэкордны па тым часе ўраджай збожжа – 16 цэнтнераў з гектара, за што брыгадзір Н. І. Місюк была ўдастоена медаля «За трудовую доблесть». Брыгада, якой яна кіравала больш за 20 гадоў, неаднаразова з’яўлялася пераможцам сацыялістычнага спаборніцтва, дабівалася значных поспехаў у вытворчасці і продажы дзяржаве сельскагаспадарчай прадукцыі. У складаны з-за надвор’я 1961 год брыгадай сабрана з гектара 11,8 цэнтнера збожжа, 145 цэнтнераў бульбы. У 1978 годзе – 31,6 цэнтнера збожжавых, 340 цэнтнераў бульбы, 310 цэнтнераў цукровых буракоў з гектара.

Калгас «Новы шлях» створаны ў 1949 годзе. Яго першым старшынёй у 1949–1984 гадах быў Павел Рыгоравіч Каранчук (1924–2012). Калгас лічыўся адным з паказальных на Брэстчыне, на яго базе праводзіліся абласныя і рэспубліканскія семінары па сельскай гаспадарцы, сюды прыязджалі абменьвацца вопытам кіраўнікі гаспадарак. У 2005 годзе П. Р. Каранчуку прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін Кобрынскага раёна».

Надзею Іосіфаўну жыхары Кобрыншчыны ведаюць як стараннага работніка, умелага арганізатара калгаснай вытворчасці, кіраўніка. Яна паспявала ўсюды: у брыгадзе, дома, і з грамадскімі абавязкамі, якіх таксама было дастаткова, бездакорна спраўлялася. Увішна ўпраўлялася з матацыклам, аўтамашынай «Запарожац».

Была актыўным удзельнікам грамадскага жыцця. З 1944 года па 1980 год – дэпутат Кіселявецкага сельскага Савета народных дэпутатаў, у 1962 годзе абрана дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР. Ездзіла на сесіі ў Маскву, наведвала ВДНГ СССР. У складзе дэлегацыі пабывала ў Польскай Народнай Рэспубліцы. Як ветэран сельскагаспадарчай вытворчасці карысталася вялікай павагай і заслужаным аўтарытэтам у земляробаў раёна, у калектыве і сярод аднавяскоўцаў.

У 1980 годзе Надзея Іосіфаўна дасягнула пенсіённага ўзросту. Але яна не прывыкла да спакойнага і мернага жыцця, таму працягвала працаваць і пасля выхаду на заслужаны адпачынак. Яшчэ 15 гадоў (да 1995 года) працавала малаказборшчыкам.

Старанне, вынікі працы Надзеі Місюк не праходзілі незаўважанымі. Не раз яна адзначалася ўзнагародамі: ордэнам Леніна (1960), ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі «За трудовую доблесть» (1957), «За доблестный труд. В ознаменование 100-летия со дня рождения Владимира Ильича Ленина» (1970), «За победу над Германией», многімі юбілейнымі медалямі, дыпломамі за поспехі, дасягнутыя ў развіцці сельскай гаспадаркі.

Надзея Іосіфаўна Місюк пайшла з жыцця 9 сакавіка 2004 года. Яна пражыла складанае, неспакойнае, але выдатнае і насычанае жыццё.