Біяграфічны нарыс

Аляксандра Іванаўна Федасюкнарадзілася 17 жніўня 1904 года ў вёсцы Андронава Кобрынскага павета (цяпер Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці) у шматдзетнай сялянскай сям’і. У пачатку Першай сусветнай вайны яе бацька пайшоў на фронт, а неўзабаве маці з чатырма дзецьмі на руках, старэйшай з якіх, Александры, споўнілася дзесяць гадоў, была эвакуіравана ў глыб Расіі, пад Арэнбург.
Аляксандра вучылася ў сярэдняй школе, а па вечарах разам з моладзю збіралася на камсамольскія зборы, на заняткі ўсёнавуча, дзе абмяркоўваліся навінкі літаратуры, агучваліся мары аб будучыні. Калі скончылася вайна, Іван Федасюк адшукаў сваю сям’ю пад Арэнбургам і вырашыў, што час вяртацца на дзедаўскую зямлю.
Кобрыншчына ў той час знаходзілася пад уладай буржуазна-памешчыцкай Польшчы. У Кобрыне Аляксандру чакалі новыя ўзрушэнні, несправядлівасць, з якой яна сутыкалася на роднай зямлі. Некалькі гадоў ад цямна да цямна працавала на пана Зялінскага. Мара аб працягу вучобы была пахавана назаўжды. Але ні што не магло знішчыць мару дзяўчыны аб чалавечым жыцці, якое яна спазнала ў Савецкай Расіі.
Імкненне да высокіх ідэалаў, жаданне змагацца супраць прыгнятальнікаў супала з тактыкай рэвалюцыйнай барацьбы. У маі 1925 года Аляксандра Федасюк уступіла ў КПЗБ, у хуткім часе стала прафесійным рэвалюцыянерам-падпольшчыкам, выконвала адказныя партыйныя даручэнні. Яна была важаком моладзі, вяла агітацыю сярод сялян, рамеснікаў. «Надзя», «Стася», «Даша» — пад гэтымі імёнамі дзейнічала маладая рэвалюцыянерка. Жанчынай-легендай называлі яе паплечнікі па партыі, па ўдзеле ў рэвалюцыйнай барацьбе на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў гады панавання ў ёй польскіх памешчыкаў і капіталістаў.
Агенты польскай дэфензівы праследавалі актыўнага работніка, тройчы арыштоўвалі і заключалі ў турму (1927, 1930–1931, 1937–1939), разлучалі з маленькай дачкой Уладзіславай. З вялікай цяжкасцю таварышам па барацьбе ўдалося пераправіць дачку А. І. Федасюк праз мяжу, у Мінск, да мужа Мікалая Паўлавіча Маслоўскага (1905–1938), віднага камсамольскага работніка, які таксама працаваў у Заходняй Беларусі. Каля чатырох гадоў правяла Аляксандра Федасюк у турме, адчула жорсткія і абразлівыя допыты, але не схіліла галовы.
З 1926 года А. І. Федасюк – член Кобрынскага падпольнага райкама, з 1928 года – член Брэсцкага падпольнага акруговага камітэта КПЗБ. Закончыла школу партыйных кадраў КПЗБ у Мінску (1929), Камуністычны ўніверсітэт нацыянальных меншасцей Захаду ў Маскве (1934).
Займала розныя партыйныя і дзяржаўныя пасады: сакратар Навагрудскага акруговага камітэта КПЗБ (1931–1932), сакратар ЦК КСМЗБ (1929–1930, 1932, 1935–1937), навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі партыі і Кастрычніцкай рэвалюцыі пры ЦК КП(б)Б (1934). Дэлегат І (1928), ІІ (1935) з’ездаў КПЗБ, VI кангрэсу Камуністычнага інтэрнацыяналу моладзі (1935).
Пасля вызвалення Заходняй Беларусі ў 1939 годзе А. І. Федасюк – дэпутат Народнага сходу Заходняй Беларусі ў Беластоку, член яго паўнамоцнай камісіі на сесіі Вярхоўнага Савета СССР. Актыўна ўдзельнічала ў падзеле панскай зямлі, арганізоўвала палітычную і культурную работу ў вёсках. Працавала старшынёй Кобрынскага гарвыканкама, была абрана дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, а ў 1941 годзе яе зацвердзілі намеснікам старшыні Брэсцкага аблвыканкама.
У пачатку Вялікай Айчыннай вайны Аляксандра Іванаўна выбралася з пылаючага Брэста на ўсход, дабралася да Масквы, затым ў Пензу, адкуль яе адазвалі ў распараджэнне Цэнтральнага штаба партызанскага руху. У хуткім часе А. Федасюк была закінута ў Беларусь, у глыбокі варожы тыл. Сферай яе дзейнасці сталі шэсць партызанскіх атрадаў, якія кантралявалі тэрыторыю на паўднёвым усходзе Брэсцкай вобласці. Пры непасрэдным удзеле Аляксандры Федасюк быў сфарміраваны буйны партызанскі атрад імя В. І. Чапаева, створаны партыйная і камсамольская арганізацыі. Потым атрад ператварыўся ў магутную баявую адзінку, на яго базе была створана партызанская брыгада імя В. І. Чапаева, якая дзейнічала ў Кобрынскім і Антопальскім раёнах.
Рашэннем ЦК ВКП(б)Б ад 24 чэрвеня 1943 года Аляксандра Федасюк была зацверджана членам Брэсцкага падпольнага абкама партыі, а 4 снежня таго ж года — сакратаром Дзівінскага падпольнага райкама КП(б)Б, які базіраваўся ў партызанскім атрадзе імя М. А. Шчорса.
Пасля вызвалення БССР ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў А. І. Федасюк займалася гаспадарчай дзейнасцю. На кіруючых пасадах (з 1944 г. па 1957 г.) у якасці першага сакратара Кобрынскага райкама КПБ, сакратара Брэсцкага і Маладзечанскага гаркамаў партыі, загадчыка аддзела ЦК КПБ А. І. Федасюк заўсёды адрознівалася ўважлівымі і чулымі адносінамі да праблем людзей. «Абавязкова падтрымаем, дапаможам, разбярэмся», — такой была яе жыццёвая пазіцыя.
Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР 1-га склікання (1940–1947), Вярхоўнага Савета СССР 2-га і 3-га скліканняў (1946–1954). Член ЦК КП(б)Б у 1949–1952 гадах. Узнагароджана ордэнамі Леніна, Чырвонай Зоркі, медалямі.
Аляксандра Іванаўна Федасюк памерла 29 мая 1995 года. Яе лёс і пройдзены шлях, доўгае, напоўненае сэнсам жыццё сталі прыкладам таго, як выхадцу з сялянскай глыбінкі можна дабіцца грамадскага прызнання, павагі і любві.