Біяграфічны нарыс

Аляксандр Кірылавіч Букраба нарадзіўся ў 1914 годзе ў в. Навасёлкі Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Працаваў на зямлі, вызначаўся актыўнай жыццёвай пазіцыяй.
3 жніўня 1933 года сяляне Кобрынскага павета пайшлі ў маёнтак паноў Малачэўскіх (в. Булькова), каб тыя заплацілі за палявыя работы. Па дарозе да месца збору разграмілі некалькі сядзіб асаднікаў. Больш за 100 сялян, узброеных паляўнічымі стрэльбамі і наганамі, некалькі гадзін трымалі ў асадзе паліцэйскі ўчастак у Навасёлках. Раніцай 4 жніўня паліцыя, атрымаўшы падмацаванне з Брэста, разагнала сялян.
Арганізатары выступлення былі арыштаваны, аддадзены пад ваенна-палявы суд. Аляксандр Букраба, як адзін з актыўных удзельнікаў выступлення, быў асуджаны на 10 гадоў турэмнага зняволення. Пакаранне адбываў у турмах Кобрына, Седльцаў, Вільні, Равіча.
У верасні 1939 года Аляксандр Букраба вярнуўся на радзіму. Працаваў сакратаром Навасёлкаўскага валаснога выканкама, у 1940–1941 гадах – дырэктарам школы.
У Вялікую Айчынную вайну Аляксандр Букраба – партызан атрада імя А. В. Суворава. У верасні 1942 года яго бацька Кірыл Сцяпанавіч Букраба (1884–1942) за сувязь з партызанамі быў схоплены і закатаваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
У жніўні 1943 года – сакавіку 1944 года Аляксандр Букраба – камісар атрада імя Г. К. Арджанікідзе брыгады імя В. М. Молатава Пінскага злучэння. З 1944 года служыў у Польскім штабе партызанскага руху. Аляксандру Букрабе разам з Мікалаем Дорашам і іншымі было даручана выявіць у польскіх сем’ях лаяльна настроеных людзей, якія жадалі удзельнічаць у вызваленні Польшчы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Разам з многімі мясцовымі партызанамі вялі тлумачальную працу сярод польскага насельніцтва, даказвалі, што актыўны ўдзел палякаў у вызваленні беларускіх, украінскіх, польскіх земляў наблізіць выгнанне фашыстаў з гэтых тэрыторый.
Пасля вайны Аляксандр Кірылавіч знаходзіўся на савецкай і партыйнай рабоце. Працаваў намеснікам старшыні Дзівінскага, старшынёй Дзівінскага, Пружанскага і Антопальскага райвыканкамаў, 1-м сакратаром Шарашоўскага і Пружанскага райкамаў КП(б)Б.
У сувязі з перабудовай партыйнага і гаспадарчага кіраўніцтва эканомікай (1963) пачалася рэарганізацыя краявых і абласных саветаў прафсаюзаў. Быў створаны савет прафсаюзаў па кіраўніцтву прафсаюзнымі арганізацыямі: прымысловасці, будаўніцтва, транспарту і гарадской гаспадаркі (старшыня Мікалай Дзмітрыевіч Сенькін), а таксама сельскай гаспадаркі і ўстаноў, якія абслугоўваюць сельскую гаспадарку. Яго старшынёй быў абраны А. К. Букраба. Да 1965 года гэтыя саветы былі зноў аб’яднаны ў абласны савет прафсаюзаў (аблсаўпраф). З верасня 1965 года і да выхаду на пенсію (1975) – старшыня парткамісіі пры Брэсцкім абкаме КПБ.
За баявыя і працоўныя заслугі А. К. Букраба ўзнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам ПНР «Віртуці Мілітары» («Залаты крыж»), медалямі.
А. К. Букраба памёр ў 1977 годзе, пахаваны ў г. Брэсце.
Звесткі пра Аляксандра Кірылавіча Букрабу і яго бацьку Кірыла Сцяпанавіча Букрабу, уяўляючы сабой прыклад патрыятызму, мужнасці і нязломнай стойкасці ў барацьбе за будучыню сваёй Радзімы, сёння служаць выхаванню будучага пакалення ў Навасёлкаўскай сярэдняй школе, у якой працуе гісторыка-краязнаўчы музей. Некаторыя эпізоды з жыцця А. К. Букрабы можна знайсці ў кнізе Уладзіміра Літвінчука «Там, за Днепра-Бугам» (2008).