Ткачук Антон Сцяпанавіч

Біяграфічны нарыс

ТКАЧУК Антон Сцяпанавіч (1945-2015) — першы кіраўнік саўгаса «Днепра-Бугскі» Кобрынскага раёна, ветэран сельскагаспадарчай вытворчасці.  

Антон Сцяпанавіч Ткачук нарадзіўся 7 студзеня 1945 года ў в. Жыдче Пінскага раёна Брэсцкай вобласці. Маці Ганна Еўдакімаўна і бацька Сцяпан Іванавіч працавалі паляводамі ў калгасе імя Свярдлова. Рана да сялянскай працы прывык і Антон. Сцяпан Іванавіч — былы франтавік, любіў ваенныя песні, часта сам спяваў іх, гэтую улюбёнасць перадаў і сыну. Калі Антону споўнілася пяць гадоў, бацька купіў яму гармонь. Музыка хлопцу давалася лёгка, у дзесяць гадоў яго ўжо запрашалі іграць на танцах. Вучыўся Антон у Хойніцкай сярэдняй школе Пінскага раёна, да якой прыходзілася дабірацца восенню і вясной на веласіпедзе, а зімою – на лыжах.

Сваю працоўную дзейнасць Антон Ткачук пачаў у ліпені 1961 года загадчыкам сельскім клубам у в. Хойна. Пасля школы паступіў ў Пінскі мяса-малочны тэхнікум. Аднак праз год вучобы зразумеў, што гэта не яго прызванне, і ў 1962 годзе паступіў у Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі, які закончыў у 1968 годзе па спецыяльнасці «інжынер-механік».

З ліпеня 1968 года па ліпень 1970 года працаваў загадчыкам рамонтнымі майстэрнямі аддзялення «Сельгастэхніка» ў в. Дзівін Кобрынскага раёна. Добрае веданне справы, добразычлівыя адносіны да рабочых вызначылі аўтарытэт маладога спецыяліста. Потым маладому камуністу давяраюць пасаду галоўнага інжынера, а яшчэ праз некаторы час Антона Сцяпанавіча выбіраюць сакратаром партарганізацыі.

У 1973-1974 гадах А. С. Ткачук — намеснік старшыні калгаса «Новае жыццё» Кобрынскага раёна. З сакавіка 1974-га па люты 1981 года працаваў старшынёй калгаса імя Кірава Кобрынскага раёна. Гэта было сур’ёзнае выпрабаванне яго кіраўніцкіх і арганізатарскіх здольнасцей, якое Антон Сцяпанавіч дастойна вытрымаў. У калгасе імя Кірава ён атрымаў свой першы ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга.

16 гадоў, з лютага 1981 года па люты 1997 года, узначальваў саўгас «Днепра-Бугскі» (цяпер ААТ «Днепра-Бугскае»), які быў арганізаваны ў пабудаваным у 1980 годзе пасёлку гарадскога тыпу Арэхаўскі. Ужо за першае дзесяцігоддзе свайго існавання саўгас ператварыўся ў высокарэнтабельнае, магутнае сельскагаспадарчае прадпрыемства са стабільнай эканомікай і вялікімі грашовымі прыбыткамі. Гаспадарка не толькі грымела сваімі поспехамі на ўсю Беларусь, але і была вядома далёка за яе межамі. Убачыць пасёлак, які вырас сярод балот на меліяраваных землях, прыязджалі дэлегацыі з усяго былога Савецкага Саюза.

Граматны арганізатар і ініцыятыўны кіраўнік сельска-гаспадарчай вытворчасці, А. С. Ткачук заўсёды праяўляў ініцыятыву і настойлівасць у вырашэнні вытворчых пытанняў. Новыя планы, задумкі ён імкнуўся ператварыць у жыццё. У саўгасе стварылі сваю каняферму, у 1988 годзе завезлі плямістых аленяў і арганізавалі сваю звераферму — першую ў Беларусі. Антону Сцяпанавічу былі ўласцівыя высокі прафесіяналізм, кампетэнтнасць і адказнасць за даручаную справу. Ён унікаў ва ўсё: міма яго ўвагі не прайшлі і пытанні будаўніцтва жылля і аб’ектаў сацыяльнага прызначэння. На працягу шасці гадоў, з ліпеня 1997 года па сакавік 2003 года, Антон Сцяпанавіч працаваў старшынёй Дзівінскага сельскага Савета дэпутатаў.

За шматгадовую і добрасумленную працу А. С. Ткачук быў узнагароджаны медалём «За доблестный труд» (1976), двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1976, 1986), неаднаразова адзначаны падзячнымі лістамі, ганаровымі граматамі.

9 чэрвеня 2015 года на 71-м годзе жыцця ў выніку цяжкай хваробы Антон Сцяпанавіч Ткачук памёр.

Жыццёвы шлях А. С. Ткачука, яго адданасць справе выклікаюць бясконцую павагу і вартыя асаблівай падзякі землякоў. Ён стаяў ля вытокаў будаўніцтва пасёлка і стаў першым кіраўніком створанага ў Арэхаўскім саўгаса «Днепра-Бугскі». У студзені 2016 года ў пасёлку Арэхаўскі адбыўся мітынг, прысвечаны адкрыццю мемарыяльнай дошкі Антону Ткачуку,  якая будзе нагадваць аб чалавеку, чыё імя годна застацца ў памяці пакаленняў.