Амельянюк Людміла Мікалаеўна

Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь, лаўрэат прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў

Біяграфічны нарыс

Людміла Мікалаеўна Амельянюк нарадзілася 16 верасня 1950 года ў в. Стрыгава Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці, куды яе бацькі пасля заканчэння педінстытута па размеркаванні прыехалі на працу. Бацька Мікалай Кірылавіч працаваў настаўнікам матэматыкі і фізікі. Маці Ніна Андрэеўна – настаўніца рускай мовы і літаратуры, была кіраўніком харавога калектыву калгаса Дзімітрава, у 1951 годзе ўзнагароджана граматай за творчыя дасягненні і актыўны ўдзел у развіцці мастацкай самадзейнасці.

Людміла Амельянюк пачатковую школу закончыла ў Стрыгаўскай сярэдняй школе. Потым у сувязі з пераводам бацькі на новыя месцы працы былі школы ў в. Залессе, в. Гарадзец Кобрынскага раёна. З 7 па 10 клас вучылася ў СШ № 5 г. Кобрына, якую закончыла з залатым медалём у 1967 годзе.

Дамашняя атмасфера садзейнічала выбару будучай прафесіі. Натхняў прыклад бацькоў, іх вялікай любові і паважлівага стаўлення да дзяцей і работы, таму Людміла і выбрала педагогіку. Пасля заканчэння ў 1972 годзе Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута замежных моў настаўніца іспанскай і англійскай мовы была размеркавана ў г. Брэст. З 1972 года працавала настаўнікам іспанскай і англійскай моў у СШ № 3 Брэста.

У СШ № 2 (сёння гімназія № 5), дзе працавала з 1977 года, Людміла Мікалаеўна сцвердзілася і як педагог (1977-1988), і як намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце (1988-1997), і як дырэктар (1997-2017). Пад яе кіраўніцтвам установа адукацыі адной з першых у краіне арганізавала рознаўзроўневае навучанне іспанскай мове і выкладанне другой замежнай мовы, а таксама змяніла статус — стала лінгвістычнай гімназіяй. Выхаванцы Л. М. Амельянюк шмат разоў станавіліся пераможцамі абласных і рэспубліканскіх алімпіяд па іспанскай мове.

Людміла Мікалаеўна заўсёды знаходзілася ў творчым пошуку і няспынным прафесійным развіцці. У свой час яна распрацавала методыку рознаўзроўневага навучання іспанскай мове, аўтарскія праграмы «Рознаўзроўневае навучанне іспанскай мове», «Літаратура Іспаніі» і «Краіназнаўства», метадычны дапаможнік «Зборнік практыкаванняў па прыназоўнікавым кіраванні ў сучаснай іспанскай мове», якія шырока выкарыстоўваліся ва ўстановах адукацыі Брэстчыны.

Па ініцыятыве Л. М. Амельянюк у адукацыйны працэс было ўведзена вывучэнне другой замежнай мовы (англійскай ці нямецкай), створана асабістая мадэль выкладання замежнай мовы ў школе. Дзякуючы яе намаганням, у Брэсце быў створаны першы сучасны кабінет іспанскай мовы, абсталяваны спадарожнікавым тэлебачаннем, аўдыя- і відэатэхнікай.

Людміла Мікалаеўна стаяла ля вытокаў стварэння ў 1980 годзе школьнага музея інтэрнацыянальнай дружбы «Амістад», які сёння з’яўляецца краіназнаўчым і выконвае функцыю цэнтра адукацыі і выхавання вучняў па замежных мовах. У ім сабрана больш за 1000 сапраўдных экспанатаў, прывезеных настаўнікамі, вучнямі і гасцямі школы з Іспаніі, Кубы, Польшчы і іншых краін. Музей мае званне народнага, узнагароджаны Граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

У 1984 годзе група лепшых вучняў школы пабывала ў гасцях у кубінскіх школьнікаў. Два гады (1986–1988) Людміла Мікалаеўна працавала перакладчыкам іспанскай мовы ў Рэспубліцы Куба. На працягу шэрага гадоў Л. М. Амельянюк узначальвала пярвічную арганізацыю Таварыства савецка-кубінскай дружбы, за актыўную дзейнасць якой у 1988 годзе атрымала грамату Кубінскага таварыства дружбы народаў. Работа Л. М. Амельянюк па інтэрнацыянальным і патрыя-тычным выхаванні моладзі была адзначана сярэбраным медалём ВДНГ.

З 2001 года па 2006 год гімназія пад кіраўніцтвам Л. М. Амельянюк з’яўлялася эксперыментальнай і інавацыйнай пляцоўкай Міністэрства адукацыі Беларусі па апрабацыі і ўкараненні тэхналогіі модульнага навучання, інавацыйным цэнтрам павышэння кваліфікацыі настаўнікаў Брэстчыны па засваенні сучасных адукацыйных тэхналогій. У 2007 годзе гімназія перамагла ў абласным конкурсе «Мадэль сучаснай адукацыйнай установы, якая працуе вынікова».

Л. М. Амельянюк – заснавальніца шматлікіх гімназічных традыцый, ініцыятар правядзення фестываляў «Фіеста» і «Славянскі базар», літаратурна-музычных гасцёўняў для вучняў і настаўнікаў, стварэння гімназічнай тэлестудыі «Five-TV» і газеты «Кенгуру». Вялікую ўвагу ўдзяляла стварэнню ўмоў для працы і вучобы. Усе педагогі адзначалі добразычлівую атмасферу, дэмакратычны, заснаваны на ўзаемнай павазе характар супрацоўніцтва паміж настаўнікамі рознага ўзросту.

Узнагароджана Ганаровай граматай ЦК ЛКСМ Беларусі (1985), граматамі Вярхоўнага Савета БССР (1986), Заходняй памежнай акругі КДБ СССР (1986), Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (1997), медалём «За працоўныя заслугі» (2006). Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь (2000). Тройчы лаўрэат прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў (2001, 2012, 2016). У арсенале ўзнагарод Л. М. Амельянюк – чатыры прэміі Брэсцкага аблвыканкама за работу па падрыхтоўцы пераможцаў алімпіяднага руху. Званне «Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь» прысвоена ў 2012 г.

Адметнасць Л. М. Амельянюк – яе актыўная грамадская пазіцыя. З’яўлялася дэпутатам Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў XXIV склікання (2003–2006).

З 2023 года Людміла Мікалаеўна знаходзіцца на заслужаным адпачынку.

 

Аб жыцці і дзейнасці