Дамброўскі Пётр Міхайлавіч

біяграфічны нарыс

 

Пётр Міхайлавіч Дамброўскі нарадзіўся 21 верасня 1922 года ў в. Каралін Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Дзяцінства і юнацтва прайшлі ў роднай вёсцы, у сялянскай працы. Закончыў сямікласную польскую школу.

З 1940 года па 1941 год працаваў сакратаром Каралінскага сельскага Савета, затым адказным сакратаром народнага суда г. Драгічына.

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны эвакуіруецца ў Чэлябінскую вобласць, дзе працуе ўчотчыкам трактарнай брыгады калгаса імя Кірава Новасяргееўскага раёна. У 1942 годзе П. М. Дамброўскі заканчвае ў г. Маскве спецшколу і накіроўваецца ў акупіраваную нямецка-фашысцкімі захопнікамі Магілёўскую вобласць Беларусі памочнікам камісара палка па камсамолу партызанскага атрада № 810 11 й брыгады.

З 1944 года па 1945 год П. М. Дамброўскі працуе другім сакратаром Драгічынскага райкама камсамола, а затым да сакавіка 1947 г. — адказным сакратаром Драгічынскай райгазеты «Чырвоная зорка». У 1947 г. ён назначаецца рэдактарам Целяханскай райгазеты «Перамога» і працуе на гэтай пасадзе да 1954 года.

З 1954 года па 1958 год Пётр Дамброўскі з’яўляўся слухачом рэспубліканскай Вышэйшай партыйнай школы пры ЦК КП Беларусі.

У 1958 годзе П. М. Дамброўскі назначаецца рэдактарам Кобрынскай раённай газеты «Камуністычная праца» і займае гэту пасаду звыш 22 гадоў. У 1980 годзе Пётр Міхайлавіч выйшаў на пенсію па стану здароўя.

Усё сваё свядомае жыццё П. М. Дамброўскі прысвяціў служэнню справе, у якую свята верыў. Ён быў актыўным у грамадскім жыцці, чулым і ўважлівым да людзей, прынцыповым і патрабавальным кіраўніком. Неаднаразова выбіраўся дэпутатам раённага Савета народных дэпутатаў, быў членам яго выканкама, членам бюро гаркама КПБ. Радзіма высока ацаніла яго ратную і мірную працу. Ён узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі «За адвагу», «Партызану Вялікай Айчыннай вайцы», шматлікімі юбілейнымі і працоўнымі медалямі, дзвюма граматамі Вярхоўнага Савета БССР. У 1980 годзе адзначаны прысваеннем звання «Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР».

29 мая 1993 года пасля працяглай цяжкай хваробы на 71 годзе жыцця Пётр Міхайлавіч Дамброўскі памёр, але назаўсёды захаваецца светлая памяць у сэрцах тых, хто яго ведаў і працаваў з ім.

 

Аб жыцці і дзейнасці